БЫ́ХАЎСКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ , сістэма абарончых збудаванняў у г. Быхаў у 16—18 ст. Буд-ва ўмацаванняў, як і Быхаўскага замка, пачата ў 1590 уладальнікам Быхава Я.К.Хадкевічам, скончана пасля 1625 пры новым уладальніку горада Л.Сапегу. Уключалі земляны вал (даўж. 800 м, выш. 7—8 м, шыр. ў аснове да 30 м) з бастыёнам, равелінамі і мураванымі ўязнымі брамамі, амаль такой жа даўжыні абарончы роў, у якім пастаянна была вада. Меліся брамы: Падольная (Дольная), што вяла да Дняпра, Магілёўская (у паўн. частцы горада) і Рагачоўская (Навабыхаўская, у паўд. Частцы).
т. 3, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)